Агульная працягласць маршрута - 2 км
Час – 3-4 гадзіны
Від турызму – пешаходны або веласіпедны
Маршрут можа прапанаваць знаёмства з гісторыяй вёскі і наваколля ў краязнаўчых музеях СВК “Свіслач” і Свіслацкай школы. У музеях захоўваецца інфармацыя аб уладарах Свіслачы, асноўных падзеях яе гісторыі, аб побыце мясцовых жыхароў у розныя часы.
Турысты могуць наведаць палац графіні Марты Красінскай, захапіцца відарысамі пейзажнага парка, разбітага вакол палаца. Тут жа ў парку размешчаны старажытны валун, сведка ледавіковай эпохі, знойдзены ў полі каля вёскі Няцечы.
У маршрут можа быць уключана таксама наведванне будынкаў старой і новай школы, знаёмства з іх гісторыяй. У раённым музеі Маці, размешчаным у будынку Свіслацкай школы, можна пазнаёміцца з выдатнымі жанчынамі Гродзеншчыны, з гісторыяй жаночага руху ў нашым раёне.
У наваколлі Свіслачы размешчаны яшчэ адзін сядзібны дом. Гэта так званы палац Гаркоўскага, пабудаваны яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Сёння тут жыве некалькі сем’яў. Але турысты маюць магчымасць пазнаёміцца з яго цікавай архітэктурай.